У бязмерную даль вы ляціце,
A за вамі, прад вамі — гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць i куды?
М. Багдановiч
З 28 лістапада па 02 снежня ў нашай школе прайшоў Тыдзень роднай мовы і літаратуры, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. У яго рамках адбыліся цікавыя мерапрыемствы з удзелам вучняў і настаўнікаў.
28 лістапада было ўрачыстае адкрыццё тыдня. У школе была арганізавана выстава малюнкаў “Хараство зямлі беларускай” паводле ўражанняў ад вершаў Максіма Багдановіча, а таксама выстава дызайнерскіх работ “Вокладка зборніка вершаў паэта”. У пачатку дня вучні сустракалі настаўнікаў, бацькоў, іншых вучняў з кароткім аповедам пра Максіма Багдановіча, уручалі сувеніры – адкрыткі з партрэтам мастака слова і цудоўнымі радкамі верша паэта. Таксама ў гэты дзень у школу завітаў мастацкі калектыў “Зьніч” з музычным спектаклем “У краіне светлай…”. Усе былі проста ў захапленні.
29 лістапада ў форме літаратурнай гасцёўні адбыўся конкурс юных творцаў сярод вучняў 5 – 11-х класаў. Школьнікі прачыталі свае празаічныя і лірычныя творы, прысвечаныя Максіму Багдановічу. Асабліва ўразіў верш вучня 10 “А”класа Алега Васкабовіча “Прысвячэнне Максіму Багдановічу”.
30 лістапада адбыўся конкурс чытальнікаў твораў Максіма Багдановіча. Было бачна, што школьнікі сур’ёзна паставіліся да падбору вершаў, з адказнасцю рыхтаваліся да выступлення.
30 лістапада таксама адбылася творчая сустрэча вучняў 5 – 7-х класаў з навуковымі работнікамі літаратурнага музея М.Багдановіча. Нашы вучні даведаліся пра цікавыя факты з біяграфіі славутага земляка.
01 снежня вучні і настаўнікі былі запрошаны на літаратурна-музычную кампазіцыю “Няма замены паэтам”, прысвечаную 120-годдзю з дня нараджэння М.Багдановіча. Мэты мерапрыемства былі наступныя: паглыбіць веды вучняў пра жанравыя формы беларускай лірыкі, пра жыццёвы i творчы шлях Максіма Багдановіча; раскрыць шматграннасць таленту паэта, яго вялікую любоў да роднага краю, прыроды; прывіваць любоў да беларускай паэзіі; выхоўваць патрыятычныя пачуцці, у прыватнасці, гонар за свaix суайчыннікаў; развіваць творчыя здольнасці юнакоў i дзяўчат, навыкі эстэтычнага, асэнсаванага чытання. Кампазіцыю рыхтавала вялікая творчая група настаўнікаў і вучняў 5 – 11-х класаў. Чыталіся лірычныя творы, былі ўспомнены старонкі жыцця паэта. Выступленне вучняў і настаўнікаў суправаджалася цікавай мультымедыйнай прэзентацыяй.
02 снежня былі падведзены вынікі Тыдня роднай мовы і літаратуры, адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і найбольш актыўных удзельнікаў. Дні, праведзеныя ў гонар памяці Максіма Багдановіча, пакінулі найлепшыя ўражанні ў сэрцах нашых вучняў і настаўнікаў.
http://maksimbogdanovich.ru/ - сайт Максiма Багдановiча.